самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт. Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт. Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.